РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,
паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац. справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.
Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.
Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.Дзюркгейма, В.Э.Мура, тэорыя статусных груп М.Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).
Літ.:
Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;
Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;
Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.
І.В.Катляроў.
т. 13, с. 414